Верасень 1939 г. у беларускай дзяржаўнай ідэалогіі і ў вуснай гісторыі

Ігнат Вітажэнец

Soldiers

1 верасня 1939 г. агрэсіяй нацысцкай Германіі супраць Польшчы распачалася Другая сусветная вайна. Праз 17 дзён войскі СССР, тагачаснага саюзніка Трэцяга рэйха таксама парушылі межы Польскай дзяржавы. Адным з вынікаў гэтай агрэсіі стала аб’яднанне беларускіх земляў, падзеленых адпаведна Рыжскай мірнай дамовы (1921) паміж СССР і Польшчай. Аднак гэтае аб’яднанне адбылося ў межах сталінскага ГУЛАГу, што перадвызначыла лёс беларусаў амаль да канца ХХ ст. 

 

Неадзначнасць гэтых падзеяў, а таксама адсутнасць свабоды гістарычных даследаванняў у БССР і прасавецкая гістарычная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь пасля лістапада 1996 г. моцна ўскладнілі працэс навуковага і грамадскага асэнсавання значэння верасня 1939 г. у гістарычным лёсе беларусаў. 

 

Гэтая задача яшчэ больш актуалізавалая ў выніку антыеўрапейскай і антыпольскай істэрыі, якая стала галоўным трэндам дзяржаўнай прапаганды ў Беларусі напрыканцы 2020 г. Абаронцы рэжыму Лукашэнкі, які захаваў уладу ў выніку масавых рэпрэсій і палітычнай падтрымкі з боку Масквы, імкнуцца прадставіць грамадскі пратэст лета-восені 2020 г. як вынік замежнага ўмяшальніцтва ў беларускія справы. У гэтай сітуацыі Польшчы была вызначана роля галоўнага ворага Беларусі. Пры ўдзеле шэрагу гісторыкаў (Ігар Марзалюк, Аляксандр Каваленя ды інш.) антыпольская прапаганда дапаўняецца гістарычнымі сюжэтамі пра “этнацыд беларусаў” у часы Рэчы Паспалітай, пра ўдзел польскіх узброеных фармаванняў у “генацыдзе беларусаў” падчас Другой сусветнай вайны і г.д. У межах гэтай кампаніі ўлетку 2021 г. А. Лукашэнкам быў падпісаны ўказ пра абвяшчэнне 17 верасня “Днём народнага адзінства”. 

 

Падмуркам дзяржаўнай інтэрпрэтацыі “ўз’яднання” 1939 г. у культурнай памяці і гістарычнай палітыцы застаецца яго трактоўка часоў СССР/БССР. Прычым галоўным героем “гістарычнай перамогі” беларусаў становіцца кіраўніцтва таталітарнай савецкай дзяржавы на чале са Сталіным.  

 

Чым насамрэч была гэтай падзея для беларускай гісторыі? Важную ролю ў адказе на гэтае пытанне адыгрывае вусная гісторыя (Oral History), якая даносіць да нас стаўленне тагачасных жыхароў Беларусі да ваенна-палітычных пераменаў і стварае перспектыву ацэнкі падзеяў мінулага ў кантэксце пэўнай агульначалавечай перспектывы. 

 

Савецкую ўладу, якая разам з Чырвонай арміяй прыйшла ў Заходнюю Беларусь, людзі сталага ўзросту звычайна называюць “першымі саветамі”, адрозніваючы ад улады, што ўсталявалася ў 1944 г. пасля нямецкай акупацыі (“другія саветы”). Таксама ў вуснагістарычным дыскурсе людзей ваеннага пакалення фігуруюць назвы “бальшавікі” і “рускія”. Ужо самыя гэтыя тэрміны сведчаць пра дыстанцыяванне сведкаў гісторыі ад новай улады.

 

Матэрыялы экспедыцый Беларускага архіва вуснай гісторыі (www.nashapamiac.org) 2011-2018 гг. перадаюць спадзевы беларускага насельніцтва паўночна-ўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай або Заходняй Беларусі на перамены да лепшага ў выніку замены польскай улады на савецкую. Гэта была рэакцыяй на польскую палітыку, якая прымушала беларусаў адчуваць сябе людзьмі “другога гатунку”. Таксама сваю ролю адыгрывала актыўная камуністычная прапаганда. Жахі сталінскага рэжыму з ягонымі лагерамі і з гвалтоўнай калектывізацыяй большасць лічыла вымыслам польскай прапаганды. Аднак, як сведчаць успаміны, гэтыя спадзевы хутка змяніліся расчараваннем. 

 

Ужо першыя мерапрыемствы новай улады, якая дазваляла рабаванне памешчыцкіх маёнткаў, падштурхоўвала да гвалту і забойстваў леснікоў, памешчыкаў, асаднікаў і польскіх службоўцаў шмат каго прымусілі задумацца. Палітычныя перамены суправаджаліся таксама пагаршэннем матэрыяльных умоваў жыцця, якое між іншым адлюстравалася ў пустых паліцах крамаў і вялізарных чэргах за таварамі і прадуктамі. Незадавальненне выклікала ўвядзенне новых падаткаў і абавязку бясплатнай працы, што датычыла гаспадароў вясковых гаспадарак. 

 

У вусных успамінах пра “ўз’яднанне” восені 1939 г. адчувальны страх чалавека перад магутнай і бязлітаснай дзяржавай і выразная сацыяльная траўма, якая нават сёння не мае шансаў быць прагаворанай і пераадоленай. Людзі прыгадвалі жахі масавых дэпартацый, асабліва першай, якая адбылася ў лютым 1940 г., начныя арышты, сваволле НКВД і савецкіх чыноўнікаў ды інш. Самастойна пакінуць тэрыторыю Заходняй Беларусі таксама было амаль немагчыма, бо да чэрвеня 1941 г. захоўвалася старая “рыжская мяжа”, якую ахоўвалі савецкія памежнікі. Гэты я ўспаміны яшчэ раз пераконваюць, што менавіта дзяржаўны тэрор у спалучэнні з прапагандай быў асновай савецкай улады.

 

Іншая характэрная рыса вусных успамінаў – асуджэнне вайны. У сведкаў гісторыі дамінуе перакананне, што вайна з’яўляецца абсалютным злом, а яе развязванне не можа мець аніякага апраўдання. Апошняе выразна супярэчыць сучаснай прапагандзе, якая прадстаўляе вайну як цікавую прыгоду для моцных мужчын, якая абавязкова заканчваецца перамогай. Для сведкаў гісторыі вайна застаецца трагедыяй, якая прыйшла да іх у верасні 1939 г. разам з Чырвонай арміяй. 

 

У сучаснай Беларусі відавочна існаванне дзвюх супрацьлеглых версій верасня 1939 г. У “афіцыйнай” дамінуе тэзіс пра “гістарычную перамогу” беларусаў, якой паспрыяла палітыка СССР. Яна з’яўляецца элементам беларускай дзяржаўнай ідэалогіі і дамінуе ў школьных падручнікаў. А вось “неафіцыйная” версія найперш напоўненая ўспамінам пра пачатак вайны і пра трагедыю чалавека. Вусная гісторыя нагадвае пра важнасць пэўных маральных ацэнак палітыкі кіраўніцтва СССР, у прыватнасці тайнага пратакола “пакта Молатава-Рыбентропа” і савецкай агрэсіі супраць Польскай Рэспублікі. 

 

Палітычныя і культурныя перамены апошняга часу патрабуюць перасэнсавання многіх падзеяў беларускай гісторыі ХХ стагоддзя, сярод якіх адной з найважнейшых застаюцца перамены восені 1939 г. Гэтае пераасэнсаванне павінна грунтавацца на перакананні, што нацыянальныя інтарэсы не могуць уступаць у канфлікт з агульначалавечымі каштоўнасцямі, а падзеі Другой сусветнай вайны ў Беларусі трэба разглядаць у кантэксце еўрапейскай і сусветнай гісторыі. Важнае значэнне мае таксама ўсведамленне таго, што ў верасні 1939 г. Беларусь уступіла ў вайну, якая аказалася самай жахлівай у яе гісторыі. Менавіта ў гэты час беларуская зямля пачала ператварацца ў арэну змагання двух таталітарызмаў – камуністычнага і нацысцкага. 

 

Абавязковая ўмова гэтага пераасэнсавання – свабода гістарычных даследаванняў, у якіх прыкметную ролю павінна адыгрываць вусная гісторыя. Даследчыкі павінны пачуць і ўлічыць галасы непасрэдных сведкаў мінулага.